Сцяпан Захарчанка ўсё ж атрымае прытулак у Літве

Ён таксама падаў скаргу ў Еўрапейскі суд у Страсбург і чакае, калі той вынесе рашэнне па ягонай справе.

Былы вайсковы выведнік Сцяпан Захарчанка ўцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку ў 2011 годзе ў канцы лета. У інтэрв’ю, якія з’явіліся праз год, Сцяпан Захарчанка патлумачыў уцёкі тым, што зазнаў у войску пагрозы і з’біццё. Ён сцвярджае, што яго прымушалі падпісваць ліст-абавязанне страляць у выпадку атрымання загаду ва ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Паводле былога выведніка, у выніку збіцця ён трапіў у шпіталь, дзе яму зноў пагражалі, што жывым у частку ён можа не вярнуцца, паведамляе Радыё Свабода.

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае звесткі Сцяпана Захарчанкі пра тое, што ён лекаваўся ў вайсковым шпіталі, дзе нібыта ягонаму жыццю пагражалі. Таксама сайт Мінабароны Беларусі паведамляе пра адмоўную характарыстыку Захарчанкі з месца службы. Беларускае тэлебачанне паказала інтэрв’ю з вайскоўцам, які абвяргаў словы хлопца.

Уцякач называе гэтыя каментары хлуснёй.