Сёння ў Кіеве абмяркуюць пытанне аб выдзяленні Беларусі крэдыту ЕўрАзЭС

4 чэрвеня ў Кіеве будзе абмяркоўвацца пытанне аб выдзяленні Беларусі крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС,  паведамляе БелаПАН.


У сталіцы Украіны пройдзе 5-е пасяджэнне пастаянна дзейнай нарады міністраў фінансаў дзяржаў — удзельніц СНД.

У межах мерапрыемства адбудзецца пасяджэнне савета Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Як паведаміў 19 траўня міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын, на гэтым пасяджэнні плануецца разгледзець заяўку і крэдытную прапанову па Беларусі, Арменіі і Кыргызстане.

Кудрын падкрэсліў, што неабходнай умовай для атрымання Беларуссю крэдыту з'яўляецца правядзенне прыватызацыі.

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 19 траўня заявіў, што Беларусь узгадніла ўмовы і падыходы атрымання крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Паводле яго слоў, будзе вырашацца пытанне аб выдзяленні Беларусі трох ці, можа быць, трох з паловай мільярдаў долараў на працягу трох гадоў.