Шведскія праваабаронцы патрабуюць адмены папярэджання Алесю Бяляцкаму

Шведскія праваабаронцы заклікаюць адмяніць папярэджанне, вынесенае ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, а таксама спыніць пераслед беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку праз адмену артыкула Крымінальнага Кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У лісце праваабаронцы нагадваюць, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю Праваабарончага цэнтра "Вясна" Вярхоўным судом Беларусі ў 2003 годзе парушэннем Арртыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Нягледзячы на тое, што Камітэт рэкамендаваў беларускаму ўраду забяспечыць перарэгістрацыю Праваабарончага цэнтра "Вясна", некалькі спробаў атрымаць рэгістрацыю закончыліся няўдачай",  - сцвярджаюць аўтары ліста.

Праваабаронцы  нагадваюць, што Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, яўна супярэчыць як беларускай Канстытуцыі, так і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванаму Беларуссю, паведамляе "Вясна".