Сваякі Уладзіслава Кавалёва даслалі дадатковую скаргу ў ААН
30 сакавіка яны накіравалі ў Камітэт па правах чалавека новую інфармацыю ў гэтай справе аб парушэнні права на жыццё.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляе ў камітэце сваякоў расстралянага Уладзіслава Кавалёва, у дакуменце ёсць інфармацыя аб падзеях, звязаных з выкананнем гэтага смяротнага прысуду. Таксама згадваюць абставіны пакарання смерцю іншага фігуранта справы аб тэракце ў мінскім метро, Дзмітрыя Канавалава. 14 сакавіка ў беларускіх СМІ прайшла інфармацыі, што кіраўнік краіны адмовіў абодвум асуджаным па гэтай справе ў памілаванні. 15 сакавіка маці Кавалёва звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з пісьмовай просьбай прыпыніць выкананне прысуду, каб Камітэт ААН паспеў разгледзіць гэтую справу.
13, 14 і 15 сакавіка адвакат безвынікова спрабаваў сустрэцца з Уладзіславам Кавалёвым у СІЗА КДБ, а маці не магла высветліць лёс сына. І толькі 17 сакавіка ёй прыйшоў ліст з Вярхоўнага суду аб выкананні прысуду.
На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, гэта дапаможа высветліць праз Камітэт ААН афіцыйную дату смяротнага пакарання і абставіны яе правядзення.
15 снежня 2011 года Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу аб парушэннях права на жыццё, накіраваную сваякамі Уладзіслава Кавалёва. Камітэт звяртаўся да ўраду Беларусі з просьбай не выконваць смяротны прысуд, пакуль скаргу не разгледзяць па сутнасці.