У Беларусі засталося толькі 14 "сацыяльна значных" тавараў
Гэта азначае зняцце фармальных бар'ераў для далейшага росту цэн на тавары і паслугі.
Пералікі сацыяльна значных тавараў і паслуг у Беларусі скарацілі і ўдакладнілі. Пра гэта заявіў сёння журналістам дырэктар дэпартамента цэнавай палітыкі Мінэканомікі Ігар Фамін, каментуючы пастанову Саўміна №495, якім зацверджаныя пералікі сацыяльна значных тавараў і паслуг, перадае БЕЛТА.
Паводле Фаміна, у пераліку сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Мінэканомікі, засталося 14 таварных пазіцый. "Гэты пералік значна скарочаны ў параўнанні з тым, што дзейнічаў раней, рэгуляванне засталося на асноўныя віды тавараў: хлеб, мяса, малако, муку, крупы, яйкі і шэраг іншых тавараў", — адзначыў дырэктар дэпартамента.
Пры гэтым для імпарцёраў сацыяльна значных тавараў знятыя абмежаванні па надбаўках, што можа прывесці да росту цэн на іх. "Мы не выключаем такой магчымасці. Але пакуль, бліжэйшым часам, не прагназуем", — сказаў Фамін.