У Дзень дурня беларус з Нью-Ёрку заклікае выйсці на вуліцы з люстэркамі
Альтэрнатыўны варыянт святкавання першага красавіка прапануе незалежны фільммэйкер Сяргей Красікаў.
Сяргей Красікаў: Акцыя называецца MIRRUS, па-ангельску гэта гульня словаў. Mirror — гэта люстэрка, us — гэта мы. То бок "люстэркі" і "мы" ў складзе аднаго слова. Ідэя акцыі — убачыць сябе ў кантэксце ці дапамагчы зрабіць гэта іншым, асабліва ў такім інтэрнацыянальным месцы як Нью-Ёрк. Людзі ўвесь час бягуць, закрываюцца, жывуць уласным жыццём, а люстэркі дапамагаюць парушыць гэтую абарону, дапамагаюць пачаць кантактаваць паміж сабой, убачыць архітэктуру з іншых кропак, пагуляцца з перспектывай. Запланавана некалькі падзеяў — танцы, імправізацыі, флэшмобы. Спадзяюся, што вялікая колькасць людзей з люстэркамі будуць шпацыраваць, піць каву, выгульваць сабак.
Еўрарадыё: Вы плануеце, што гэта будзе праходзіць толькі ў Нью-Ёрку?
Сяргей Красікаў: Каб усё гэта арганізаваць, трэба вельмі шмат часу. Я арганізоўваю гэта першы раз, буду арыентавацца пераважна на Нью-Ёрк, паколькі тут у мяне шмат сяброў і розных арт-калектываў. Але я б з задавальненнем падтрымаў, калі б гэта было і ў іншых гарадах. Калі хтосьці хоча зрабіць нешта падобнае — чым больш, тым лепш. Ідэя ў тым, каб гэта стала штогадовай традыцыяй і не толькі ў Нью-Ёрку, каб людзі пачалі самі штосьці такое арганізоўваць.
Гэта камбінацыя індывідуальных дзеянняў і ўласна акцыі. З аднаго боку будуць цэнтральныя падзеі, вакол якіх будзе адбывацца згуртаванне. І ў той жа час у розных месцах горада, у сябе ў раёне хтосьці з люстэркам пойдзе ў рэстарацыю ці паедзе ў метро.
Еўрарадыё: Якіх памераў павінна быць люстэрка?
Сяргей Красікаў: Чым большае будзе люстэрка, тым больш у ім адлюстроўваецца і тым больш людзей змогуць адначасова ў гэтым візуальна ўдзельнічаць. Хаця вялікае люстра можа быць цяжкім. Тое, што я рабіў з сябрамі да гэтага часу, — мы здымалі люстэркі са сваіх сцен ці набывалі танныя кітайскія люстры памерам 1 метр на 30-40 см. Няма ніякіх правілаў. Але маленькае жаночае люстэрка — наўрад ці падыдзе. Хіба што некалькі дзясяткаў маленькіх люстэркаў наклеіць на штосьці — можа атрымацца цікава.
Еўрарадыё: Як гэта будзе адбывацца практычна? Чалавек цэлы дзень будзе цягаць з сабой люстра: у метро, на працу?
Сяргей Красікаў: Гэта нядзеля, так што з працай прасцей. Для мяне гэта ўсё пачалося з метро. Я ехаў у метро, і там ехаў мужчына з вялікім люстрам. Я пачаў глядзець у гэта люстра на сябе ў атачэнні тых, хто побач. Потым пачаў заўважаць, што іншыя таксама глядзяць, потым людзі пачалі пераглядацца, усміхацца адно аднаму. Тады і з’явілася ідэя — як па-іншаму ўсё выглядала б, калі б у гэтым вагоне сядзела 20 чалавек з люстрамі.
Еўрарадыё: Колькі чалавек ужо гатовыя далучыцца да акцыі?
Сяргей Красікаў: Пакуль каля сотні чалавек. Апошні тыдзень усе мае сябры распаўсюджваюць інфармацыю, і спадзяюся, што народу будзе больш. Мы збіраемся ўсё гэта фатаграфаваць і здымаць на відэа, паспрабуем атрымаць грант, каб наступны раз падрыхтавацца лепш. На падрыхтоўку насамрэч сыходзіць вельмі шмат часу.
Еўрарадыё: Як, на вашую думку, рэагавалі б жыхары Мінска на такую акцыю, на сваё адлюстраванне?
Сяргей Красікаў: Па-мойму, люстэркі вельмі інтэрнацыянальныя. Мы ўсе глядзімся ў люстэркі, яны прысутнічаюць у жыцці кожнага. Таму гэта пройдзе ў любой краіне. Калі знойдуцца людзі, што пагодзяцца ўзяць з сабой люстэрка, — астатнія будуць у яго глядзець. Галоўнае — вынесці люстэрка на вуліцу.