У Мінску затрымалі аксакала беларускага будаўнічага бізнэсу
Генеральны дырэктар ЗАТ “ТрэстБелПСП” падазраецца ў падбухторванні і атрыманні буйнога хабару пры правядзенні будаўнічага тэндэру.
Адметнасць гэтай справы ў тым, што праз фірму “ТрэстБелПСП” апошнім часам праводзілася рэканструкцыя знакавых сталічных аб’ектаў. Кампанія з’яўлялася распараджальнікам бюджэтных фінансавых сродкаў, якія ішлі на аднаўленне шэрагу будынкаў. Кіраўніцтва кампаніі было ў шмат якіх тэндэрных камісіях.
Паводле звестак “Ежедневника”, дырэктар фірмы Віктар Філіпаў разам са сваім галоўным інжынерам патрабавалі з дырэктара іншай будаўнічай кампаніі хабар — за перамогу ў тэндэры на рэканструкцыю буйнога спартовага аб’екту.
Сума адкату склала 21 300 долараў. Пры перадачы паловы сумы ў якасці задатку 11 траўня генеральны дырэктар і галоўны інжынер ЗАТ “ТрэстБелПСП” былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў.