“У нас шмат сваіх вытворцаў лічыльнікаў. І праграма імпартазамяшчэння”

110809 SviardlouGaz.mp3

“Праблема актуальная ў новых дамах асабліва. Там увогуле незразумела. Я не ведаю, наколькі гэта па правілам газіфікацыі зроблена. Але яны крайне нязручныя, бо пад стандарты кухні яны не трапляюць. Гэты лічыльнік ні туды, ні сюды”, -- дызайнер кампаніі “Славянскія кухні” Дзмітрый Шыракоў скардзіцца на лічыльнікі газу.


Насамрэч, чаму ў Беларусі можна ўсталёўваць у сваіх кватэрах толькі газавыя лічыльнікі айчыннай вытворчасці? З пытаннем Еўрарадыё звяртаецца на прадпрыемства “Мінгаз”, якое займаецца ўстаноўкай газавай апаратуры. Намесніца кіраўніка Таццяна Карчэўская прызнае, што у Беларусі сертыфікаваныя толькі беларускія лічыльнікі. Яны масава ўстанаўліваюцца ва ўсе дамы. У Мінску ужо больш за 200 тысяч.

“У нас вельмі шмат сваіх вытворцаў. Зараз важнае імпартазамяшчэнне. Валюты няма, таму ў нас усё нармальна тут. Мы за кошт уласных сродкаў паверку лічыльнікаў робім. А калі гэта будзе замежны лічыльнік, то хто гэтую паверку зробіць?”, -- так лічыць спадарыня Карчэўская.Больш за тое, нават калі чалавек сам прывязе сучасны газавы лічыльнік з-за мяжы і ўсталюе яго ў сваёй кватэры, шансаў атрымаць дазвол амаль няма. “Верагодна, мы яго нават і не прымем. Трэба, каб лічыльнік быў сертыфікаваны ў Беларусі. У нас імпартных лічыльнікаў на паверцы няма”, -- гавораць у “Мінгазе”.Таму беларусы павінны задаволіцца тым, што ёсць. Адпаведна, зрабіць сучасны дызайн кухні становіцца проста немагчымым.

“Вядома, такое бывае. Наша задача зрабіць так, каб і праект кухні атрымаўся нармальны, і лічыльнік схаваць. Ёсць розныя варыянты”, - кажуць дызайнеры.Дададзім таксама, што на буйнейшым вытворцы газавых лічыльнікаў, Навагрудскім заводзе газавай апаратуры, каментаваць для “Еўрарадыё” якасць сваіх лічыльнікаў катэгарычна адмовіліся.

“Я не буду з вамі аб гэтым размаўляць. Не ведаю, для чаго вам гэта”, - адказвае галоўны інжынер прадпрыемства Вячаслаў Шахаў. Дзеля прыгажосці, вядома! А пакуль у Беларусі нават наяўнасць неабмежаваных фінансавых магчымасцяў не гарантуе таго, што вы будзеце гаспадаром ва ўласнай кватэры і зможаце яе абсталяваць згодна са сваім густам.

Фота: pikeresearch.com