У Паўночнай Карэі скончылася пахаванне Кім Чэн Іра

У другі дзень пахавання сотні тысяч людзей сабраліся на цэнтральнай плошчы Пхеньяна для жалобнага мітынгу. На цэнтральнай трыбуне знаходзіўся сын і пераемнік Кім Чэн Іра, 28-гадовы Кім Чэн Ын, паведамляе ВВС.

Напярэдадні жалобная працэсія, ачоленая лімузінам, на якім была ўсталяваная труна з целам дыктатара, праехала па сталіцы Паўночнай Карэі. Кульмінацыяй мерапрыемства ў чацвер сталі тры хвіліны маўчання, пасля чаго ўсе цягнікі і караблі Паўночнай Карэі адначасова ўключылі гудкі і гукавыя сігналы.

Кім Чэн Ір памёр у выніку сардэчнага прыступу 17 снежня ва ўзросце 69 гадоў.