У Румыніі з цягніка скралі кампаненты для 64 ракетных боегаловак

Цягнік рухаўся з Румыніі ў Балгарыю і перавозіў зброю, набытую Балгарыяй у румынскіх уладаў. Непадалёк ад памежнага горада Джурджу жаўнеры ўбачылі, што пломба на адным з вагонаў зламаная, а дзверы адчыненыя. Пры аглядзе высветлілася, што з вагона зніклі чатыры скрыні, у кожнай з якіх утрымліваліся кампаненты для 16 боегаловак.

Эксперты падкрэсліваюць, што ў скрынях не было выбуховых рэчываў, а таму яны з'яўляюцца бяспечнымі. Мяркуецца, што выкрасці кампаненты боегаловак маглі зборшчыкі металалому. Ваенная пракуратура Румыніі праводзіць расследаванне.