У Варшаве патрабавалі вызвалення беларускіх палітвязняў (фота)

На пікеце каля беларускай амбасады больш за 20 чалавек з партрэтамі беларускіх палітвязняў запатрабавалі іх вызвалення. Перад пікетоўцамі выступіў дэпутат Еўрапарламенту Марэк Мігальскі. Ён заклікаў кіраўніка Беларусі звярнуць увагу на лёс дыктатараў, кіраванне якіх рана ці позна заканчваецца не вельмі добра для іх. Лёс  Кім Чэн Іра з'яўляецца выключэннем з правілаў. Таксама еўрадэпутат заявіў, што людзі, якія зараз ладзяць рэпрэсіі ў Беларусі, не будуць забытыя і панясуць заслужанае пакаранне.

Акцыя была арганізаваная ў межах кампаніі "Марафон салідарнасці". Яна ладзіцца ў Польшчы, Літве, Украіне, Вялікабрытаніі ды Галандыі. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадства гэтых краінаў да лёсу Беларусі.