У Жытоміры затрымалі міліцыянтаў, якія арыштоўвалі беларусаў
Жытомірскія міліцыянты, якія арыштоўвалі беларускага актывіста Арцёма Дубскага і яго сяброў, а таксама праводзілі ператрус на яго кватэры, былі затрыманыя.
Як паведамляе Online Жытомір, пра гэта заявіў пракурор Жытоміршчыны Мікалай Франтоўскі.
Пасля затрымання беларусаў у кіраўніцтва міліцыі і пракуратуры ўзніклі пэўныя падазрэнні адносна чысціні дзеянняў праваахоўнікаў. За працаўнікамі Аддзела па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў пачалі сачыць. У выніку пецярых міліцыянтаў затрымалі проста на "гарачым" — пасля перадачы ім хабару. Яшчэ адзін міліцыянт абвешчаны ў вышук.
Нагадаем, што 4 лістапада 2010 года ў кватэру маладафронтаўца Арцёма Дубскага, які пражывае ва ўкраінскім горадзе Жытоміры, уварваліся супрацоўнікі міліцыі. Пазней міліцыянты заявілі, што падчас ператрусу ў кватэры былі знойдзеныя наркотыкі. Дубскі і яго сябры, якія падчас ператрусу знаходзіліся ў памяшканні, на некалькі дзён былі затрыманыя.