Ветэран дэмакратычнага руху Пружаншчыны адзначыў 90-гадовы юбілей

На свята былога дырэктара Гарадзечанскай школы Уладзіміра Зазулі з натуральных прычынаў не змог прыехаць ніхто з яго пагодкаў. Былі шэсць вучняў з першага выпуску, рэшта маладзейшыя. Свята зладзілі настаўнікі школы, збольшага былыя вучні  географа Зазулі.

Аксана Раманюк кажа: “Яго грамадзянская пазіцыя быць наперадзе, быць ініцыятарам розных спраў, у духоўным плане і ў сацыяльным плане. Ён заўсёды наперадзе. Любіць сваю краіну.  Любіў паказаць нам і расказаць, дзе ён быў, што бачыў. Нешта такое цікавае даставаў, у бутэльцы або ў каробачцы… Можна было і ў рукі ўзяць, і пакаштаваць. Прыкладам, пад картай на сцяне вісела бутэлька з вадой з Чорнага мора, якое вучні ведалі на смак".

 Спадар Зазуля ў 1990-я гады ўдзельнічаў у палітычных кампаніях дэмакратычных сіл, бо, як ён патлумачыў сам,  “заўсёды быў за справядлівасць і стараўся ісці ў нагу з часам”.