З Беларусі зніклі звяры, якія жылі тут 30 мільёнаў год
Папуляцыя хахулі цалкам знікла з нашай краіны. Навукоўцы звязваюць гэта з агрэсіяй з боку амерыканскай норкі.
Апошнія зафіксаваныя навукай факты сустрэчы з хахуляй у прыродным асяроддзі на тэрыторыі Беларусі прыпадаюць на 60-я гады мінулага стагоддзя. Цяпер навукоўцы схільныя лічыць, што хахуля знікла зусім, паведамляе Interfax.by са спасылкай на Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Там адзначылі, што спецыяльных даследаванняў ніхто не ладзіў, але з Чырвонай кнігі жывёлу выключылі як зніклы від.
Хахуля пасялілася на тэрыторыі Беларусі ажно 30 мільёнаў год таму. Навукоўцы сумняюцца ў тым, што яна вернецца — занадта вялікі быў прэсінг з боку іншых звяроў, найперш амерыканскай норкі. У 1930-1970-я гады на тэрыторыі СССР выпусцілі амаль 7 тысяч гэтых звяркоў, якія хутка рассяліліся па еўрапейскай частцы краіны.