З турбазы выселілі амаль 50 чалавек, бо раптоўна прывезлі спартсменаў

На турбазе магілёўскага металургічнага завода традыцыйны летнік зладзілі "Маладыя сацыял-дэмакраты-Маладая грамада". З усёй Беларусі на яго прыехалі амаль паўсотні чалавек, у тым ліку малыя дзеці. Былі і замежнікі — французы, расіяне. Аднак міліцыянты сёння загадалі згарнуць летнік.

Высветлілася, што паміж турбазай і заводам, якому яна належыць, не было ўзгоднена знаходжанне там групы. Да таго ж, прывезлі спартсменаў.

Вось што распавёў Еўрарадыё адзін з арганізатараў летніка Аляксей Сігаеў:
120730 Sigajeu.mp3
"Мы дамаўляліся наконт базы за два месяцы і было ўсё добра. Заплацілі. Быў адзін мінус — мы не аформілі афіцыйна дакументы. Сёння з раніцы патэлефанавалі аднекуль і сюды тэрмінова завозяць спартсменаў... Зараз мы чакаем аўтобус, які нам замовілі міліцыянты, каб даехаць да Мінска".

Паводле слоў Сігаева, спачатку ўдзельнікі летніка прыедуць у сталіцу, а ўжо тады "паспрабуюць арганізавацца далей".