За Кавалёва і Канавалава заступіліся дэпутаты Паўночнага Савета

Прэзідэнт Паўночнага Савета Кіма Сасі заявіў, што нельга мірыцца са смяротным прысудам, вынесеным Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Па яго словах, у справе было выяўлена мноства праблемаў.

Нагадаем, што на мінулым тыдні прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Жан-Клод Міньён выступіў з крытыкай прысуду. Ён заявіў, што прызнанні маладых людзей былі атрыманыя пад катаваннямі.

Заявы ад Паўночнага Савета і ПАСЕ былі зробленыя пасля серыі выступаў Любові Кавалёвай у Еўрапарламенце ў Брусэлі і падчас Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу. Жанчына заклікала еўрапейскіх лідараў падтрымаць яе міжнародную кампанію, якая патрабуе адмены смяротнага пакарання ў Беларусі і пачатку новага расследавання па справе пра выбухі ў мінскім метро.