Родныя затрыманых 19 снежня ствараюць ініцыятыву "Вызваленне"

Родныя былых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і іншых затрыманых падчас акцыі апазіцыі 19 снежня ў Мінску аб'явілі аб стварэнні грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленне".

"Мы засталіся практычна адны і павінны быць разам", — растлумачыла сэнс стварэння ініцыятывы Вольга Бандарэнка, жонка даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Дзмітрыя Бандарэнкі.

Удзельнікі ініцыятывы падпісалі заяву. Паводле слоў жонкі былога кандыдата Уладзіміра Някляева Вольгі, у дакуменце ўтрымліваецца патрабаванне да Аляксандра Лукашэнкі вызваліць "усіх узятых ім у заложнікі экс-кандыдатаў у прэзідэнты і іншых зняволеных па палітычных матывах".

На думку аўтараў заявы, "санкцыі з боку ЕС, ЗША і Расіі ў дачыненні да Беларусі могуць быць апраўданыя". Родныя затрыманых таксама выказалі ідэю стварэння камісіі па расследаванні падзей 19 снежня ў Мінску пад міжнародным кантролем.

Як паведаміла Бандарэнка, плануецца накіраваць папе рымскаму Бенедыкту XVI калектыўны ліст з просьбай маліцца за палітычных зняволеных у Беларусі і аказаць ім падтрымку.

Праваабаронца Раіса Міхайлоўская прапанавала стваральнікам ініцыятывы накіраваць ліст у Міжнароднае таварыства Чырвонага Крыжа з просьбай звярнуць увагу на неабходнасць аказання медыцынскай дапамогі беларускім палітычным зняволеным, якія ўтрымліваюцца ў следчым ізалятары КДБ.