Рух “За Свабоду” вінаваціць суд у процідзеянні аказанню прававой дапамогі

Прыхільнікі Руху “За Свабоду” вінавацяць суд у процідзеянні  аказанню прававой дапамогі. Скарга з такім зместам скіраваная ў Брэсцкі абласны суд. Заяўнікі аспрэчваюць рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста адмовіць ім ва ўзбуджэнні справы адносна продажу расійскаму грамадзяніну  жылога будынка, які мае статус гісторыка-культуровай каштоўнасці.

Каардынатар Руху “За свабоду”  ў Брэсце Дзяніс Турчаняк патлумачыў Еўрарадыё, што здзелка была ажыццёўлена брэсцкай камунальнай службай КУП ЖРЭУ і расійскім грамадзянінам Бурносам на аукцыёне, зладжаным Брэсцкім гарвыканкамам.

Актывісты руху лічаць, што здзелка парушае правы грамадзянаў Беларусі на гісторыка-культурную спадчыну, і збіраюцца дабівацца, каб яе прызналі нішчымнай. Статусны будынак у цэнтры Брэста не мог выстаўляцца на аўкцыён,без узгаднення з Міністэрствам культуры, патлумачыў Дзяніс Турчаняк.

Суд першай інстанцыі адмовіў ва ўзбуджэнні справы на той падставе,  што грамадская арганізацыя, якой з’яўляецца Рух “За Свабоду”, не  мае права прад’яўляць  пазоў аб нішчымнасці здзелкі.

"Атрымліваецца, што ў судзе аказваць прававую дапамогу грамадзянам могуць толькі пракуратура і дзяржаўныя органы. А калі сама дзяржава парушае закон?  Замкнёнае кола выходзіць"
- гаворыць Дзяніс Турчаняк

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наўпрост запісана, што нельга процідзейнічаць аказанню прававой дапамогі,  патлумачыў Дзяніс Турчаняк, а ў судзе актывісты Руху “За свабоду” менавіта хацелі аказаць прававую дапамогу тым, хто пацярпеў ад незаконнай перадачы маёмаснага права.