Севярынцу і Рымашэўскаму адмовілі ў задавальненні пазова да БТ

22 студзеня адбыўся судовы працэс сустаршыняў аргкамітэту партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя (БХД) Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага супраць Белдзяржтэлерадыёкампаніі і аглядальніка Першага нацыянальнага канала Андрэя Крывашэева. Па выніках судовага паседжання ў задавальненні пазова адмоўлена. “Аргументацыі ад суддзі не прагучала нягледзячы на тое, што мы тры гадзіны пасекундна разглядалі раскадроўкі, глядзелі, колькі разоў за сюжэт мой твар з’яўляецца на экране і які бруд у гэты час ідзе ў якасці гукавога суправаджэння, — цытуе Паўла Севярынца інтэрнэт-газета “Салідарнасць”. — Фармулёўка адказу была такой, быццам чалавек проста выконвае загад. Кораценька: адмовіць і ўсё”.

Калі папярэднія слуханні скончыліся, суддзя ўзяла адпачынак, пасля якога быў абвешчаны прысуд.

Сам Крывашэеў на паседжанне не з’явіўся, але бакі пагадзіліся разглядаць справу без яго. Інтарэсы БТ у судзе прадстаўляюць юрысты.