Шахту ў расійскай Варкуце, у якой загінула 36 чалавек, вырашылі затапіць
Шахту “Паўночная” ў расійскай Варкуце вырашана затапіць. Адпаведныя працы плануюць пачаць сёння і скончыць за 60-80 дзён, паведамляе ВВС. Падача вады ў падземныя выпрацоўкі шахты дапаможа лакалізаваць і ліквідаваць пажар. Такое рашэнне прыняў штаб па ліквідацыі аварыі на шахце, у якой загінула 36 чалавек.
Пасля затаплення і ліквідацыі пажару ваду плануюць адкачаць і працягнуць разбор завалаў і пошук целаў загінулых шахцёраў. Праца шахты “Паўночная” будзе адноўленая, аднак невядома, у якія менавіта тэрміны.
Аварыя на шахце “Паўночная” адбылася 25 лютага. На глыбіні 780 метраў адбыўся раптоўны выкід метану, а затым здарыліся два выбухі. У шахце абрынулася парода, а за заваламі пачаўся пажар. У той час пад зямлёй знаходзілася 111 чалавек. 81 з іх змог выбрацца на паверхню.
Уначы 28 лютага, калі выратавальнікі спрабавалі дабрацца да астатніх заблакаваных гарнякоў, адбыўся яшчэ адзін выбух. Загінула пяцёра выратавальнікаў і яшчэ адзін шахцёр. Агульная колькасць ахвяраў дасягнула 36.
Пасля гэтага ўлады заявілі, што пад зямлёй няма выжылых.