Служба занятасці прызнае, што беларускім беспрацоўным "недаплачваюць"

У Беларусі найменшы ўзровень афіцыйнага беспрацоўя ў свеце — 0,7%. І найменшы ж памер дапамогі па беспрацоўі — крыху болей за 23 долары ЗША. Тое, што беларускім беспрацоўным "недаплачваюць", вымушаная прызнаць і дзяржаўная служба занятасці. 15 снежня на прэс-канферэнцыі выканаўца абавязкаў намесніка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ларыса Каткова заявіла, што дапамогу трэба павялічыць. Нізкі ўзровень выплаты не стымулюе беспрацоўных у атрыманні новай прафесіі. "Сталы мужчына, які забяспечвае сям'ю, не можа на гэтыя сродкі навучацца чатыры-пяць месяцаў", — прызнала Каткова.

Ларыса Каткова ўзгадала, што яшчэ 10 гадоў таму ўзровень дапамогі складаў прыблізна 60% заробку. Сёння ж для беспрацоўных нават аплата праезду ў транспарце "практычна непасільная".