Спецназаўцы спрабавалі сарваць дазволены мінскімі ўладамі пікет

Супрацоўнікі сілавых структураў у цывільным увечары 24 кастрычніка спрабавалі сарваць дазволены мінскімі ўладамі пікет у падтрымку палітвязня Аляксандра Казуліна. Акцыя праходзіла на вуліцы Арлоўскай. Праз нейкі час пад’ехалі аўтамабілі з невядомымі (верагодна, спецназаўцамі), якія заявілі, што “акцыя несанкцыянаваная” і забралі вялікі плакат са словамі “Свабоду Аляксандру Казуліну! Кандыдат у прэзідэнты Беларусі кінуты на 5,5 гадоў у турму”.

За іх дзеяннямі назіраў апрануты па форме старшына палка міліцыі спецназу. Пазней плакат быў вернуты.

Нагадаем, удзельнікі пікету збіралі подпісы пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Яны лічаць пераслед Казуліна палітычна матываваным, а асуджэнне экс-кандыдата ў прэзідэнты незаконным.

Хартыя-97