Старшыня ПА АБСЕ заклікаў перагледзець рашэнне па мандаце мінскага офіса

Старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Петрас Эфтыміу заклікаў беларускія ўлады перагледзець рашэнне па мандаце офіса АБСЕ ў Мінску. Аб гэтым гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай ПА АБСЕ, паведамляе БелаПАН.

"Праца гэтага офіса цяпер важная як ніколі раней. Яго галоўная задача — садзейнічанне канструктыўнаму дыялогу паміж Беларуссю і АБСЕ, таму нельга дапусціць яго закрыцця, і мы будзем змагацца да канца", — сказаў Эфтыміу.

Ён адзначыў, што мінулыя выбары па ацэнках місіі назіральнікаў АБСЕ, а таксама затрыманні экс-кандыдатаў у прэзідэнты, простых грамадзян і ўціск на СМІ, што адбыліся за імі, "сталі крокам назад у развіцці дэмакратычнага ўрада Беларусі". "Мы гатовыя дапамагаць намаганням літоўскага старшынства ў АБСЕ для прасоўвання канструктыўнага палітычнага дыялогу з урадам Беларусі, каб садзейнічаць аднаўленню працы офіса АБСЕ ў Мінску", — падкрэсліў Эфтыміу.