Сто пасажыраў былі эвакуяваныя з электрычкі Маладзечна-Мінск

Мінская транспартная міліцыя 10 жніўня атрымала паведамленне, што ў электрычцы Маладзечна-Мінск закладзенае выбуховае прыстасаванне. Калі электрычка прыбыла на станцыю Ждановічы, з яе эвакуявалі сто пасажыраў. А сам састаў быў пераведзены на запасны шлях, інфармуе БЕЛТА. Аднак выбуховае прыстасаванне не знайшлі.

Міліцыянты выявілі, што паведамленне паступіла ад 27-гадовай жыхаркі вёскі Краснае Маладзечанскага раёна. Яна патлумачыла, што выйшла з гэтага цягніка на станцыі Уша ў стане моцнага душэўнага хвалявання. Менавіта таму яна затэлефанавала дзяжурнай па станцыі Мінск-Пасажырскі і сказала, што ў двух вагонах "адбудзецца страшнае". Пры гэтым яна не растлумачыла, што мела на ўвазе пад гэтымі словамі.

Работніца чыгункі тут жа перадала інфармацыю супрацоўнікам транспартнай міліцыі. Пры гэтым работніца чыгункі адзначыла, што электрацягнік можа быць замінаваны. Пасля праверкі міліцыя дасць прававую ацэнку дзеянням жыхаркі Ушы.