Сустрэча Сяргея Сідорскага і Юліі Цімашэнка прызначаная на канец лютага

Сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Ўкраіны Сяргея Сідорскага і Юліі Цімашэнка павінна адбыцца ў канцы лютага. Пра гэта паведаміў кіраўнік упраўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч.  Кіраўнік Нацбанку паведаміў, што на сустрэчы будзе абмяркоўвацца магчымасць разлікаў з Украінай у грыўнях.

Як паведамлялася раней, на перамовах прэм'ер-міністраў павінны быць аформленыя дамоўленасці, дасягнутыя паміж Віктарам Юшчанкам і Аляксандрам Лукашэнкам на сустрэчы ў Чарнігаве 20 студзеня. Прэзідэнты падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы; консульскую канвенцыю; мемарандум паміж урадамі і нацбанкамі пра выпрацоўку сістэмы мер па інтэнсіфікацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу; міжурадавую дамову аб спрошчаным парадку праезду беларускага ўчастку аўтадарогі Славуціч — Чарнобыльская АЭС работнікамі, транспартнымі сродкамі і грузамі ЧАЭС і прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у зоне адчужэння, а таксама замежнымі адмыслоўцамі, прыцягнутымі да рэалізацыі міжнародных праектаў, датычных закрыцця ЧАЭС, і пратакол да гэтай дамовы.

БелаПАН