Сёння абітурыенты здаюць першы цэнтралізаваны тэст — па беларускай мове
12 чэрвеня ў Беларусі стартуе цэнтралізаванае тэставанне. Першы тэст, які праходзяць абітурыенты, — па беларускай мове. На яго запісаліся 28 474 чалавекі, перадае БЕЛТА са словаў дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Мікалая Фяськова.
Летась на ЦТ па беларускай мове запісаліся каля 22 тысяч абітурыентаў. На думку Фяськова, сёлетняе павелічэнне ахвочых тлумачыцца тым, што абітурыенты атрымалі права здаваць ЦТ па чатырох прадметах. "Я думаю, што лік карыстальнікаў вырас за кошт абітурыентаў, якія вырашылі здаваць рускую і беларускую мовы. Хоць лічу, што гэта ірацыянальна", — заявіў дырэктар РІКВ.
Ён дадаў, што кожны год на здачу ЦТ па беларускай і рускай мовах не з'яўляюцца прыкладна 2-3% зарэгістраваных абітурыентаў. Па гуманітарных прадметах гэты лік павялічваецца да 4-6%. Фяськоў тлумачыць няяўку тым, што людзі могуць перадумаць, захварэць або ў іх могуць з'явіцца нейкія форс-мажорныя абставіны.
Сам іспыт стартуе па ўсёй краіне адначасова — у 11.00.
Ніжняе парогавае значэнне адзнак ЦТ-2017 па беларускай або рускай мове для абітурыентаў складзе ад 0 да 19 балаў для філалагічных спецыяльнасцяў, ад 0 да 9 балаў — для астатніх спецыяльнасцяў.
У 2017 годзе нездавальняючымі адзнакамі ўстаноўлены: па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14 балаў; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 19 балаў; па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 9 балаў; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14 балаў.