Сёння ў Беларусі абітурыенты здаюць ЦТ па грамадазнаўстве
16 чэрвеня ў Беларусі абітурыенты здаюць цэнтралізаванае тэставанне па грамадазнаўстве. На яго запісаліся 16 862 чалавекі, перадае БЕЛТА са словаў дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалая Фяськова.
Тэставанне пачнецца адначасова па ўсёй краіне — у 11.00. Усе экзаменацыйныя матэрыялы для абітурыентаў падрыхтаваныя.
Падчас ЦТ абітурыентам катэгарычна забараняецца карыстацца рознымі прыладамі сувязі. Той, хто парушыць гэтае патрабаванне і прынясе ў аўдыторыю мабільнік, будзе пазбаўлены магчымасці здаваць тэставанне, у тым ліку ў рэзервовы дзень. Гэта значыць, што такія абітурыенты не змогуць паспрабаваць сёлета паступіць у ВНУ.
На экзамене ў кожнага абітурыента павінны быць пры сабе запоўнены і зарэгістраваны пропуск, дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца), і асадка з чорным стрыжнем.
Абітурыенты прайшлі ўжо два ЦТ — па беларускай і рускай мовах.