Таццяна Севярынец: Я прымушу пракуратуру паважаць закон

Таццяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, сёння падала скаргу ў Генпракуратуру на Генпракуратуру. "Так, мне даводзіцца скардзіцца ў Генпракуратуру на Генпракуратуру, як гэта ні смешна гучыць. Таму што ніводная скарга, якія падаваліся раней, ніякага эфекту не мела", — паведаміла яна ў жывым эфіры Еўрарадыё.

Раней яна звярталася ў галоўнае нагляднае ведамства з нагоды адмоваў у сустрэчы з арыштаваным сынам і нават у перадачы яму лекаў. У адказ атрымлівала толькі фармальныя адпіскі.

"Наступным крокам будзе сустрэча з генпракурорам Васілевічам, на якой я выкажу ўсё, што думаю пра працу ягонага ведамства. Я не адступлю, я прымушу паважаць закон, які яны прадстаўляюць", — кажа Таццяна.