У Баранавічах з-за спякоты колькасць інсультаў вырасла ўтрая

З дыягназам "вострае парушэнне мазгавога кровезвароту" ў гарадскую лякарню за суткі трапілі 6 чалавек. Як адзначае "Іntex-press", звычайна з такім дыягназам у дзень паступае максімум 2 пацыенты. Як лічаць лекары, прычынай хвалі інсультаў стала надзвычайная спякота. Моцнае павышэнне тэмпературы вельмі цяжка пераносяць людзі з захворваннямі сістэмы кровезвароту. Звычайна падчас моцнай спякоты назіраецца павелічэнне вострых інфарктаў міякарда, але гэтым разам высокія тэмпературы выклікалі ўсплёск інсультаў.

Што праўда, траўмаў, звязаных з цеплавымі або сонечнымі ўдарамі, пакуль у горадзе зарэгістравана не было.