У Барысаве адмаўляюцца рэгістраваць новых назіральнікаў

На барысаўскіх участках для галасавання назіральнікам ад апазіцыйных структур масава адмаўляюць у кругласутачным назіранні. А на адным нават адмаўляюцца рэгістраваць новых назіральнікаў. Пра гэта распавёў каардынатар па Мінскай вобласці кампаніі  "За справядлівыя выбары 2010" Мікалай Пахабаў.

На дзевяці ўчастках, дзе назіраюць прадстаўнікі апазіцыйных структур, імі яшчэ раніцай былі напісаны заявы ва ўчастковыя камісіі з нагоды кругласутачнага назірання за захаванасцю ўрнаў для галасавання. Увечары ў просьбе было адмоўлена на ўсіх участках, распавёў Пахабаў.

Самога ж Мікалая Пахабава на выбарчым участку №12 адмовіліся зарэгістраваць у якасці назіральніка ад прафсаюзу РЭП. Сябра ўчастковай камісіі матывавала гэта тым, што выбары ўжо пачаліся, а значыць, рэгістраваць назіральнікаў больш не стануць. Пахабаў прапанаваў паглядзець Выбарчы кодэкс. Але яго на ўчастку не аказалася, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".