У Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень незалежнасці

Дзень незалежнасці адзначаецца сёння ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. 3 ліпеня 1944 года Мінск быў вызвалены Чырвонай Арміяй ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэтую дату і вынес на рэферэндум 1996 года Аляксандр Лукашэнка з прапановай зрабіць яе галоўным дзяржаўным святам.  Да таго часу Дзень незалежнасці на дзяржаўным узроўні святкаваўся 27 ліпеня. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэта быў значны крок да незалежнасці, абвешчанай у 1991 годзе.

Таксама беларускімі дэмакратычнымі сіламі традыцыйна святкуецца 25 сакавіка Дзень Волі - у 1918 годзе ў Мінску была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сёння па ўсёй краіне пройдуць святочныя мерапрыемствы, парады і народныя гулянні.