У Беларусі распрацавалі дзяржстандарт для школьнага адзення дзелавога стылю

У Беларусі распрацавалі дзяржстандарт для школьнага адзення дзелавога стылю

У Беларусі распрацавалі дзяржстандарт для школьнага адзення дзелавога стылю. Праект цяпер знаходзіцца на экспертызе ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі. У “Беллегпраме”, які займаўся распрацоўкай, спадзяюцца, што да канца года дакумент можна будзе выкарыстоўваць пры вытворчасці формы для школьнікаў.

Як інфармуе агенцтва “Мінск-навіны”, “Беллегпрам” вырабляе адзенне дзелавога стылю з двух відаў тканіны — паўшарсцяной і полівіскознай. Намеснік старшыні канцэрна Аляксандр Якаўчыц адзначае, што першая тканіна, дзякуючы новым тэхналогіям, не колецца. Выкарыстанне віскозы (яна замяняе бавоўну) дазваляе зменшыць кошт адзення. “Цяпер мы актыўна працуем над фармаваннем лінейкі адзення для школьнікаў з выкарыстаннем віскозы”, — заявіў Якаўчыц.

Да пачатку новага навучальнага года прадпрыемствы канцэрна прапануюць каля 700 мадэляў швейных і трыкатажных вырабаў для школьнікаў. Сёлета абнаўленне калекцый па адзенні склала 90%, па абутку — 50%.

У Беларусі распрацавалі дзяржстандарт для школьнага адзення дзелавога стылю
Фота: БЕЛТА