У беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў з’явіліся свае фанаты

“Трансфаны” ездзяць па гарадах, арандуюць грамадскі транспарт і вывучаюць розныя маршруты.

Калі ў такіх хобі, як філатэлія, букіністыка альбо калекцыянаванне мадэляў самалётаў ніхто не бачыць нічога дзіўнага, то захапленне грамадскім транспартам можа падасца камусьці і дзівосам. Але не “трансфанам”, якіх не так і мала па ўсім свеце.

Ёсць фанаты грамадскага транспарту і ў Беларусі. Адзін з іх, Іван Вайцюшонак, патлумачыў Еўрарадыё сутнасць такога захаплення.

Іван Вайцюшонак:
“Нам цікава ўсё, што звязана з грамадскім транспартам, — яго гісторыя, устройства аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, тое, як функцыянуе грамадскі транспарт у горадзе. Але захапленне накіравана не толькі на вывучэнне грамадскага транспарту, а і падачу нейкага матэрыялу людзям. Мы ў Беларусі стараемся сістэматызаваць нейкую інфармацыю, бо ў інтэрнэце мала інфармацыі аб транспарце розных гарадоў, асабліва дробных, і паведаміць яе людзям — схемы грамадскага транспарту, маршруты”.



Як ён захварэў на “трансфанатызм”, Іван адказаць не здолеў. Кажа, незаўважна атрымалася. А вось яго калега па хобі з Кіева Яраслаў Шчарбакоў прызнаўся, што пачаў цікавіцца аўтобусамі і тралейбусамі, вывучаючы гісторыю роднага горада.

Яраслаў Шчарбакоў:
“У мяне "трансфанатызм" з’явіўся яшчэ ў дзяцінстве. Але я проста цікавіўся гісторыяй Кіева і пачаў цікавіцца гісторыяй ліній гарадскіх трамваяў і тралейбусаў. Потым — усёй Украіны, потым — іншых дзяржаў. Пасля таго з’явілася цікаўнасць да вузкакалейнай чыгункі. Іншыя фанаты ідуць далей, але ў мяне былі такія рамкі”.



У асноўным “транспартнікі” кантактуюць у інтэрнэце. Але, кажа Іван, перыядычна сустракаюцца і едуць па гарадах краіны — вывучаць тамтэйшы грамадскі транспарт. Так, на мінулым тыдні Іван з сябрамі наведалі Рэчыцу, Мазыр, Нароўлю, Тураў, Жыткавічы.

Іван Вайцюшонак: “Глядзелі і аналізавалі стан грамадскага транспарту ў гэтых гарадах: наколькі разнастайны парк аўтобусаў, што абслугоўвае пасажыраў, наколькі часта ходзіць грамадскі транспарт, ці зручна пракладзеныя маршруты. А потым усё гэта выліваецца ў сістэматызаваную інфармацыю на інтэрнэт-сайтах”.

Вывучэнне транспарту не абмяжоўваецца катаннем па маршруце альбо назіраннем за інтэрваламі руху. Калі “транспартнікаў” збіраецца ў вандроўку шмат, яны на месцы арандуюць аўтобус ці тралейбус з кіроўцам і катаюцца на горадзе. Здараецца, такія “пакатушкі” прыводзяць да розных інцыдэнтаў з пасажырамі, якія ў гадзіну пік стаяць на прыпынках, кажа Іван Вайцюшонак.

Іван Вайцюшонак: “Рэагуюць даволі бурна, а зрэдку пасля гэтага ў аўтапарк прыходзяць скаргі”.

Падчас паездак на арандаваным транспарце ўдзельнікі шмат фатаграфуюць. Перыядычна спыняюцца для так званага фота-стопа. Бывае, што на такіх прыпынках да іх падсаджваюцца “зайцы”.



Паводле словаў Івана Вайцюшонка, прафесіянальныя транспартнікі часам цікавяцца іх назіраннямі і высновамі.

Іван Вайцюшонак: “Прыслухоўваюцца даволі рэдка — у рэгіёнах паркі досыць інэрцыйныя. Але зрэдку, калі абагульнена інфармацыя і зроблена старонка пра нейкі горад, то прыходзяць водгукі з паркаў з прапановамі дапамагчы нейкай інфармацыяй, а зрэдку — і ад нас атрымаць інфармацыю. Ёсць некалькі аўтобусных паркаў, з якіх мне тэлефанавалі і прасілі збоку прааналізаваць сітуацыю з маршрутамі, прапанаваць змены”.

А вось у Кіеве — наадварот: да "трансфанаў" прыслухоўваюцца даволі часта. Так, у 2002 годзе да Яраслава Шчарбакова звярнуліся транспартнікі гэтага горада з просьбай зрабіць аналіз сітуацыі з грамадскім транспартам. У выніку ўкраінская сталіца набыла вялікую партыю беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў з нізкай падлогай.

Нядаўна беларусы і ўкраінцы сумесна вывучалі грамадскі транспарт Мазыра, у планах — Гомель, потым — нейкі з гарадоў Украіны. Хлопцы заўважылі, што калі ў сталіцах да іх зваротаў аб арэндзе аўтобуса ці тралейбуса кіраўніцтва паркаў ставіцца нармальна, то ў рэгіёнах гэтае жаданне выклікае здзіўленне. Але не адмову. Каштуе такое задавальненне не шмат: ад 10 да 20 тысяч рублёў з чалавека — у залежнасці ад колькасці групы. Больш вымагае дарога да месца сустрэчы і гатэль. Але, кажуць, задавальненне таго вартае.