У Брэсце і Мінску затрымалі ўдзельнікаў акцый памяці Юрыя Захаранкі

У Брэсце 7 траўня затрымалі двух праваабаронцаў - Рамана Кісляка і Андрэя Шарэнду. У 11-ю гадавіну знікнення экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі яны раздавалі мінакам брашуры з тэкстам Міжнароднай канвенцыі аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. У Мінску затрыманыя сем удзельнікаў акцыі ў памяць Захаранкі. Сярод затрыманых — лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, адзначае БелаПАН.

Удзельнікі акцыі сабраліся каля ўніверсама "Магілёўскі" і адтуль у суправаджэнні міліцыянтаў прайшлі да дома па вуліцы Жукоўскага, дзе пражываў Юры Захаранка. Пасля таго, як удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да сцен хаты, іх пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым напрамку.