У Фаніпалі школьнік залез на чыгуначную цыстэрну і атрымаў удар токам

Хлопец, які вучыцца ў 9-м класе, гуляў на чыгунцы са сваімі сябрамі. Дзеля забавы ён залез на цыстэрну, над якой праходзіла кантактная электрычная лінія, і ўзняў рукі. У той час ішоў дождж, таму падлетка ўдарыла токам.

Супрацоўнікі МНС, якіх выклікалі на месца здарэння, знайшлі школьніка жывым і ў прытомнасці – ён ляжаў на цыстэрне. Хлопца знялі адтуль і перадалі медыкам. Шукальнік прыгодаў трапіў у рэанімацыю з апёкамі рук і ног. Яго стан расцэньваецца як цяжкі, перадае прэс-служба МНС.