У Гомелі забаранілі пікет супраць датэрміновага галасавання
Гомельскі гарвыканкам не дазволіў правесці 10 снежня, у Дзень праў чалавека, пікет. Праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны хацелі на масавым мерапрыемстве растлумачыць грамадзянам іх права не ісці на датэрміновае галасаванне, адзначае БелаПАН. Адмаўляючы праваабаронцам, чыноўнікі гарвыканкама спаслаліся на тое, што заяўнікі не аплацілі паслугі камунальных службаў, міліцыі і медыкаў, як таго патрабуе рашэнне гарвыканкама. Таксама чыноўнікі заявілі, што для масавых мерапрыемстваў у горадзе ёсць толькі адно месца — пляцоўка перад ДК "Віпра". А праваабаронцы збіраліся правесці пікет на плошчы Паўстання.