У Гомелі забаранілі сход, на якім планавалі агітаваць супраць Лукашэнкі

Гомельскія актывісты Уладзімір Сякерка і Валеры Клімаў не змаглі ўчора правесці сход выбарцаў, каб агітаваць супраць кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Радыё Свабода.

А 16-й гадзіне каля цэнтру афіцыйнага аб’яднання прафсаюзаў сабраліся дзясяткі два гараджанаў, якія ведалі пра анансаваны сход.

Уладзімір Сякерка як заяўнік сходу распавёў прысутным, што закон дазваляе праводзіць сход з выбарцамі з мэтай агітацыі супраць Лукашэнкі. Аднак раённая выбарчая камісія забараніла гэта зрабіць, паведаміў Сякерка.

На запытанне актывістаў старшыня Цэнтральнай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта, Андрэй Гарбачоў, паведаміў, што 12 снежня – нядзеля, і яна з'яўляецца "выхадным днём для ўсіх працаўнікоў згаданай установы".