У Гродне бізнэсу паабяцалі нерухомасць за 1 базавую велічыню

На паседжанні старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіра з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнэсу, апошнім паабяцалі прадаць каля 3 тысяч пустуючых аб'ектаў нерухомасці за 1 базавую велічыню: 35 тысяч беларускіх рублёў, паведамляе БЕЛТА.
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі праблемы, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва ў рэгіёне. Адной з іх, па меркаванню прадпрымальнікаў, з'яўляецца адсутнасць магчымасцяў для набыцця аб'ектаў нерухомасці. У той жа час ў абласным грамадскім аб'яднанні "Клуб прадпрымальнікаў" сабраны банк фотаздымкаў будынкаў, якія пустуюць і могуць быць цікавы прыватнікам.

Старшыня аблвыканкаму даручыў актыўней прапаноўваць прадпрымальнікам пустуючыя аб'екты, а таксама вызначыць спіс аб'ектаў, якія выкарыстоўваюцца неэфектыўна. У вобласці неабходна адкрываць кавярні, аб'екты прыдарожнага сервісу і аўтасервісу, ствараць працоўныя месцы і актывізаваць прыватны вытворчы бізнэс, павялічваць экспарт прадукцыі, падкрэсліў Сямён Шапіра.