У Гродне пачаўся пленэр мастакоў, прысвечаны абароне гістарычных помнікаў

У Гродне раніцай 10 чэрвеня пачаўся пленэр мастакоў, прысвечаны абароне гістарычных помнікаў горада ад разбурэння.  У ім бяруць удзел каля 40 мастакоў, а сярод іх такія вядомыя творцы як Алесь Пушкін, Міхал Анемпадыстаў, Алесь Шатэрнік, Аляксей Марачкін. На працягу дня яны будуць пісаць гарадскія краявіды, а ўжо ўвечары прэзентуюць свае творы.

Перад пачаткам пленэра гродзенскія гісторыкі прадэманстравалі кароткі відэафільм з унікальнымі кадрамі разбурэння эскаватарамі і бульдозерамі гістарычных будынкаў у цэнтры горада.

Вось што гаворыць пра мэты пленэра гродзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка:

«Мы гэтымі акцыямі даводзім, што разбурэнне горада даўно перастала быць праблемай толькі Гародні і толькі чыноўнікаў, якія прымаюць рашэнні».

Паводле словаў Мажэйкі, улады горада пабачаць, што да грамадскага пратэсту далучаюцца мастакі з усёй краіны. Мяркуецца, што іх творы будуць прэзентавацца не толькі ў Гродне, але і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў замежжы.