У гродзенскі інтэрнат замест студэнтаў засялілі казахаў і цыганоў

Падчас VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур студэнтаў гродзенскага Медуніверсітэта, якія жывуць на першым паверсе інтэрната №3, прымусова выселілі з пакояў. На іх месцы засялілі артыстаў з казахскай і цыганскай дыяспар, паведаміла Еўрарадыё загадчыца інтэрната: Загадчыца інтэрната: "У нас жылі дзве дыяспары - казахі і цыганы. Усе на першым паверсе".

У інтэрнаце №3 ГрДМУ нядаўна скончыўся рамонт, таму артысты на студэнцкія ўмовы жыцця не скардзіліся. А перад тым, як сыходзіць на ўрачыстае шэсце, якім адкрываўся фестываль, нават пагулялі ў калідоры інтэрната ва "Ўгадай мелодыю".

Загадчыца інтэрната: "Гэта ж не такія цыганы былі, якія па вуліцах бадзяюцца. Яны ў ансамблях працуюць, артысты. Дэманстравалі нам. Я кажу: "Там жа 2 струны!" А яны кажуць: "Вось, калі ласка, гуляем ва "Ўгадай мелодыю".

Студэнтам з першага паверха інтэрната на час фестывалю прапанавалі перасяліцца вышэй, у пакоі пяцікурснікаў, якія быццам бы з'ехалі на практыку. Праўда, як паведамляе прэс-служба БХД, месцаў там хапіла не ўсім. Замест таго, каб рыхтавацца да сесіі, студэнты мусілі шукаць знаёмых у Гродне ці незапланавана з'ехаць дадому.