У Італіі знайшлі складанку шахматных задач з ілюстрацыямі Леанарда да Вінчы

Па меркаванні адмыслоўцаў, знакаміты навуковец эпохі Адраджэння Леанарда да Вінчы можа быць аўтарам ілюстрацый да ўнікальнай рукапіснай складанкі шахматных задач "Аб шахматнай гульні" (De Ludo Schacorum), якую нядаўна знайшлі ў Італіі, піша The Guardian.
Складанка задач была створаная ў 1500 годзе францысканскім манахам і матэматыкам Лукой Пачыёлі ў Мантуі, дзе ў то час пражываў Да Вінчы. Міланскі скульптар і архітэктар Франка Рока, які даследаваў манускрыпт, адзначае, што Да Вінчы і Пачыёлі сябравалі, і мастак у свой час забяспечыў ілюстрацыямі яго трактат "Аб чароўных прапорцыях" (De Divina Proportione), прысвечаны праблемам "залатога сячэння", перадае РІА "Новості".

Па меркаванні Рока, у мудрагелістых малюнках, якія паказваюць шахматныя фігуры ў зборніку, таксама выразна бачныя прапорцыі "залатога сячэння", якім цікавіўся Леанарда. Сярод іншых аргументаў на карысць аўтарства Да Вінчы Рока прыводзіць факт, што знак, выкарыставаны для пазначэння ферзя, поўнасцю супадае з адной з дэталяў фантана, малюнак якога захаваўся ў так званым “Атлантычным кодэксе” (самым буйным манускрыпце, які змяшчае тэксты і малюнкі мастака).

Уладальнікі прысвечанага шахматам манускрыпта, - італьянская некамерцыйная арганізацыя Coronini Cronberg Foundation, - ужо запрасіла з Armand Hammer Centre у Лос-Анджалесе аднаго з найбуйнейшых у свеце адмыслоўцаў па творчасці Леанарда да Вінчы, мастацтвазнаўцу Карла Педрэцці з тым, каб ён правёў незалежную экспертызу ілюстрацый.

Фота: www.newsru.com