У Крамлі лічаць русафобіяй публікацыі пра сувязь хуліганаў з уладамі Расіі

У Крамлі лічаць русафобіяй публікацыі пра сувязь хуліганаў з уладамі Расіі

Брытанская газета Guardian апублікавала матэрыял, у якім выказала здагадку, што беспарадкі расійскіх хуліганаў ў Францыі адбыліся з санкцыі расійскіх ўладаў. Высокапастаўленыя крыніцы ў брытанскім урадзе выказалі меркаванне, што дзеяннямі расійскіх фанатаў у Францыі маглі кіраваць расійскія сілавікі. Сутычкі паміж расійскімі і англійскімі заўзятарамі ў Лілі і Марсэлі былі названыя часткай "гібрыднай вайны".

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што  гэты артыкул з'яўляецца "прыкладам таго, да чаго даходзяць некаторыя ў сваёй русафобскай істэрыцы". На яго думку, такія публікацыі не патрабуюць ніякай рэакцыі, перадае РБК.

Дарэчы, кіраўнік брытанскіх паліцэйскіх на Еўра-2016 Марк Робертс заявіў, што сёлетнія напады былі "самымі сур'ёзнымі і зладжанымі з бачаных ім за дзесяць гадоў, якія ён спецыялізуецца на футбольным гвалце".

Дарэчы, сутычкі на сёлетнім чэмпіянаце Еўропы адбываліся не толькі перад матчамі з удзелам расійскай каманды. Беспарадкі здарыліся перад гульнямі Польшча — Паўночная Ірландыя, Харватыя — Турцыя, Нямеччына — Украіна, Венгрыя — Ісландыя, Ісландыя — Партугалія. А матч Харватыя — Чэхія ўвогуле давялося прыпыніць з-за дзеянняў фанатаў.