У Ляхавіцкім раёне 33-гадовага рыбака забіла токам

33-гадовы жыхар Баранавічаў загінуў ад удару токам падчас рыбалкі пад лініяй электраперадач. Інцыдэнт адбыўся ўвечары 7 чэрвеня на мосце праз раку Шчара каля вёскі Федзюкі. Паводле папярэдняй версіі следства, мужчына пайшоў на рыбалку разам з сябрам, які выбраў сабе іншае месца, крыху далей.

Закідваючы вуду, пацярпелы выпадкова дакрануўся ёю да лініі электраперадач. Яго сябар убачыў успышку ад разраду току і кінуўся на дапамогу, але было позна — мужчына ляжаў на мосце без прыкметаў жыцця і з апёкамі на целе. Медыкі хуткай канстатавалі смерць. Праверку інцыдэнта ладзіць Ляхавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта, паведамляе БЕЛТА.

На ўчастку, дзе адбыўся няшчасны выпадак, не забаронена лавіць рыбу.

Нагадаем, што ў той жа дзень падобны выпадак здарыўся пад Стоўбцамі: двое братоў плылі на лодцы па возеры, і адзін з іх выпадкова зачапіў вудай ЛЭП. Абодва жывыя, але ляжаць у рэанімацыі ў цяжкім стане.

Фота за архіву