У мінскім парку Янкі Купалы адбылося свята паэзіі

Сёння ў мінскім парку імя Янкі Купалы адбылося свята паэзіі, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла ўпраўленне культуры гарвыканкама.

Па двух баках алеі, што вядзе да помніка песняру, і вакол манумента Купалу стаялі ваенная ганаровая варта і дзяўчыны ў нацыянальных строях з чырвонымі гваздзікамі.

Пад гукі ваеннага духавога аркестра да помніка былі ўскладзены кветкі ад прэзідэнта краіны, дзяржаўных і грамадскіх структур, у тым ліку ад Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Свае вершы, прысвечаныя песняру, прачыталі Віктар Шніп, Раіса Баравікова, Мікола Мятліцкі і Міхась Пазднякоў.

Бард Радамір Веліч выканаў песню "Мая думка" на вершы Янкі Купалы.

БелаПАН