У Мінску біліся школьнікі, пасля ўдару кастэтам аднаго з іх шпіталізавалі
Яго крыўдзіцель сам выклікаў міліцыю, яго затрымалі.
У Мінску двое 15-гадовых школьнікаў дамовіліся і наладзілі бойку паміж сабой. Здарэнне адбылося каля 17-й гадзіны 14 ліпеня ў раёне Лідскай вуліцы (Фрунзенскі раён). Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, адзін з хлопцаў выкарыстаў у бойцы кастэт. Яго сапернік атрымаў траўму галавы. Уладальнік кастэта сам выклікаў міліцыю, яго затрымалі. Пацярпелага шпіталізавалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі. Праводзіцца праверка.
Праз некалькі гадзінаў у Лошыцкім парку трое мінчукоў (двое ва ўзросце 21 года і адзін — 23-х гадоў) без прычыны збілі 20-гадовага жыхара сталіцы. Міліцыю выклікала жанчына, якая была сведкай збіцця. Хуліганаў затрымалі. Пацярпелы з пераломамі носа і сківіцы трапіў у лякарню.
Здымак з сацсетак.