У Мінску ліквідуюць савецкую сістэму кіравання рухам транспарта

Тэсціраванне спадарожнікавай сістэмы навігацыі для кантралявання руху гарадскога грамадскага транспарта пачалося ў беларускай сталіцы. Неабходнае абсталяванне ўжо стаіць у 55 аўтобусах, а ў бліжэйшы час з’явіцца яшчэ ў 10 тралейбусах.
Калі сістэма зарэкамендуе сябе станоўча, то ўжо праз паўгады яе паступова пачнуць усталёўваць на ўсе транспартныя адзінкі.

Аб гэтым Еўрарадыё паведаміў супрацоўнік прадпрыемства “Мінсктранс”:

"Транспарт увесь час пад наглядам. Гэта, безумоўна. дысцыплінуе кіроўцу дадаткова. Калі раней ён мусіў дзесьці у дзвюх кропках адзначыцца, то цяпер яго бачаць пастаянна".


У "Мінсктрансе" кажуць, што старая сістэма кантролю працуе з 1986 года, па Мінску ёсць каля сотні кантрольных пунктаў. Нагляд за рухам аўтобусаў ажыццяўляецца з дапамогай тэхнічных слупоў і спецыяльных петляў, замураваных у асфальт.

"Аднак сталіца цяпер актыўна будуецца і маршрутаў становіцца значна больш, таму "Мінсктранс" не можа забяспечыць новыя маршруты ў новых мікрараёнах кантрольнымі кропкамі", - гаворыць супрацоўнік "Мінсктранса".

Да таго ж, абсталяванне, якое выкарыстоўваецца з савецкіх часоў, ужо не выпускаецца ды і вычарпала рэсурс надзейнасці.