У некалькіх населеных пунктах пад Мінскам былі праблемы з вадой і ацяпленнем
Некалькі населеных пунктаў пад Мінскам мелі праблемы з водазабеспячэннем. Раніцай 22 студзеня адбыўся прарыў трубаправода ў пасёлку Азярцо — без гарачай і халоднай вады заставаліся 32 шматкватэрныя жылыя дамы, а таксама школа і дзіцячы садок. Толькі ў канцы працоўнага дня рамонтныя службы ліквідавалі паломку і аднавілі водазабеспячэнне.
Яшчэ адна аварыя раніцай у пятніцу адбылася ў вёсцы Ляскоўка — там прарвала трубу цеплазабеспячэння і ў выніку 17 шматкватэрных дамоў засталіся без ацяплення. Праўда, у гэтым разам падачу ацяплення аднавілі даволі аператыўна.
Увечары таго ж дня спыніўся насос на свідравіне халоднага водазабеспячэння ў вёсцы Атоліна. Ад вады адключылі 78 прыватных дамоў і мясцовую лякарню. Падачу вады аднавілі толькі раніцай суботы, паведамляе прэс-служба МНС.