У ноч на нядзелю ў Мастацкім музеі будуць гуляць жыхары ВКЛ і граць Apple tea

Нацыянальны дзяржаўны музей Беларусі ў ноч з 13 на 14 верасня будзе працаваць да 4-й гадзіны раніцы. Святочныя мерапрыемствы прымеркаваныя да дня горада. Як паведаміла Еўрарадыё намеснік дырэктара па навуковай рабоце музея Надзея Усава, адкрые праграму а 20-й гадзіне ў суботу квінтэт прэзідэнцкага духавога аркестра, які выступіць перад будынкам установы. Праз гадзіну будзе прэзентаваная выстава мінскага фотамастака Георгія Ліхтаровіча “Windows. Мінскія вокны. Адлюстраванне”. Апоўначы пачнецца музычная праграма.
Надзея Усава: “Роўна апоўначы ў фае музея пачнецца выступ джазавага гурта Apple tea. Тым часам у некаторых залах будуць граць струнныя квартэты, піяністы, а таксама будуць шпацыраваць акцёры ў касцюмах часоў Вялікага Княства Літоўскага, з якімі можна будзе фатаграфавацца”.

Намеснік дырэктара таксама распавяла, што ўсе, хто наведае музей у гэты час, будзе ўдзельнічаць у латарэі, сутнасць якой пакуль трымаецца ў сакрэце. Вядома толькі, што тры пераможцы атрымаюць фотакарціны Ліхтаровіча з аўтографам аўтара.

Надзея Усава адзначыла, што ўваход у музей будзе платным: 4,5 тысячы рублёў да 23.00, а пасля — 7 тысяч.