У Оршы юбілей Караткевіча будуць святкаваць пяць дзён запар

Сёлета, у гонар 80-гадовага юбілею Ўладзіміра Караткевіча, імпрэзы, прысвечаныя вядомаму пісьменніку, будуць праходзіць некалькі дзён запар, з 23 да 28 лістапада. Юбілейныя імпрэзы ў памяць пісьменніка-земляка рыхтуюць і гарадскі аддзел культуры, і мясцовая пісьменніцкая суполка, і музейны комплекс “Гісторыя і культура Аршаншчыны”, і ўласна аршанскі Музей Уладзімера Караткевіча. Дырэктарка музею Галіна Юркевіч распавяла Радыё Свабода, што першыя імпрэзы ў Оршы адбудуцца ўжо сёння.

23 лістапада пройдзе прэзентацыя відэафільму “З Уладзімерам Караткевічам ад Оршы да Рагачова”, адбудзецца падвядзенне вынікаў літаратурных і мастацкіх конкурсаў, якія праводзілі дзіцячая бібліятэка і школа мастацтваў. А 25 лістапада будзе прэзентацыя кнігі казак Караткевіча “Лебядзіны скіт”, ілюстрацыі да якой зрабіў Мікола Купава.