У Расіі з 50 тысяч асобнікаў газеты нажніцамі выразалі артыкул пра Данбас

Супрацоўнікі расійскай газеты "Новая Бурятия" тры дні выразалі нажніцамі з 50-тысячнага накладу выдання артыкул пра 20-гадовага вайскоўца Доржы Батамункаева. Танкіст моцна абгарэў падчас баёў пад Дэбальцава. Яго спачатку лячылі ў Данецку, а пасля вывезлі на радзіму. Інтэрв'ю з салдатам, якое апублікавала "Новая газета", набыло вялікі розгалас у інтэрнэце.

Расійскі танкіст: У Дэбальцава наш батальён камандзіравалі

Як паведамляе svoboda.org, газета "Новая Бурятия" высветліла, што Доржы Батамункаеў лечыцца ў Забайкальскім краі, а яго маці скардзіцца на адсутнасць дапамогі ад Міністэрства абароны Расіі. У выніку, быў апублікаваны артыкул "Бурацкі танкіст з Дэбальцава дагэтуль у цяжкім стане". Аднак распаўсюдзіць гэты нумар рэдакцыя не паспела — ім загадалі... выразаць артыкул з усіх 50 тысяч газет, што журналісты за тры дні і зрабілі. Матэрыял пра танкіста знік і з сайта газеты. У самой рэдакцыі кажуць, што рашэнне прынялі самастойна.

Як вядома, улады Расіі не прызнаюць, што расійскія вайскоўцы ваявалі на Данбасе супраць украінскіх войскаў. Танкіст жа з Бураціі распавёў пра цэлыя падраздзяленні, сфармаваныя на расійскай тэрыторыі і перапраўленыя на Данбас.

Фота: Facebook, TASS